Нібы здраду салдат...
Tagged:
Нібы здраду салдат,
я сваё пахаваў бы каханне,
Быў бы толькі загад
і акоп для яго пахавання.
Быў бы толькі дазвол,
быў бы стол, каб наладзіць памінкі,
Адшукаў бы я дол
пад лясной плашч-палаткай асінкі.
Самы цвёрды дзірван
ускапаў бы лапаткай сапёрнай,
Каб пазбавіцца ран —
цёмных дум аб нявернасці чорнай,
Каб не чуць сваіх ран,
каб зямлёй заглушыць іх гарэнне.
Ды маўчыць капітан,
камандзір мой адзіны — сумленне.
Быццам думае так:
не для помсты даваў ты прысягу,
А даваў для атак,
для суровай адданасці сцягу.
Нам, што рваліся ў бой,
што прыносілі войнам ахвяру,
Нам ляжачых з табой
дабіваць і хаваць не да твару.
Хіба верна кахаць
можна змусіць нявернасць і здраду?
Хіба можна хаваць
без загаду нявернасць салдату?
I без гэтага ёй
будзе вернасць твая далакопам,
Час — рыдлёўкай цяжкой,
скамянелае сэрца — акопам.