Апошняя кніга
Tagged:
Ад кнігі апошняй сваёй, для якой
Асеннія скібы ўздымаю,
Я, цудаздабытчык краіны лясной,
Дзівос веснавых не чакаю.
Мой Чэрвень пачаўся размовай гармат,
Мой Жнівень закончыўся ёю.
Да новых барвовых Кастрычніцкіх дат
Мой Верасень крочыць раллёю.
Як памяць аб мёртвых трывожыць жывых
Яшчэ не пазбытымі снамі,
Так згадкай жывой аб трывогах былых
Мяне непакояць часамі
Агні прыдарожныя, вогнішчаў дым,
Адлётныя крыкі над пожняй.
«Тады адкажы нам, — пытаюць, — зачым
Назваў сваю кнігу апошняй?
Няйначай, рашыў, што даўно на вякі
Ты права надзейнае маеш
I ўжо ў дамавіну сваю, як цвікі,
Глухія радкі забіваеш?
Сябры паважаныя, як вы маглі
Задаць мне такое пытанне?..
Апошнімі ўсе мае кнігі былі
У часе свайго напісання.