Мне сніўся сон: ты адляцела ў вечнасць...
Мне сніўся сон: ты адляцела ў вечнасць
I зоркай там зрабілася між зор.
А я, душы і цела супярэчнасць,
Жыву — не звар'яцеў і не памёр.
Штовечар сэрца ходзіць на спатканні,
Насунуўшы на вочы капялюш.
Прызнацца хоча некаму ў каханні,
Ратуючыся ад пакутных сцюж.
Але ні косам, ні сукенцы белай
Не аддае сардэчнай цеплыні,
А ўсё глядзіць з тугой незразумелай
На зорныя халодныя агні.
I ўсё яму сустрэч таемных мала,
I не хапае для вачэй святла.
Чаму, калі зямлю ты пакідала,
Яго ў свае ўладанні не ўзяла?