Балада аб чатырох заложніках

Яшчэ не ацэнена
Іх вядуць па жытняй сцяжынцы.
Чатырох.
Пад канвоем.
З дому.
Чатырнаццаць — старэйшай дзяўчынцы,
Тры гады хлапчуку малому.
Разам з імі ў падвал халодны
Гоняць цётку — сястру Міная,
А Мінай — гэта бацька іх родны,
Бацька родны,
Мсціўца народны.
Піша вораг аб ім у газетах,
Аб чырвонай
Брыгадзе ягонай,
Па усіх
Былых сельсаветах
Клеюць новы
Загад суровы.
Са слупоў, са сцен, аканіцаў
Пагражаюць Мінаю загадам:
Ён павінен скарыцца,
З'явіцца,
Здацца ў рукі фашысцкім уладам.
I вісіць той загад друкаваны
На Мінаевай хаце і клеці;
А не з'явіцца — расстраляны
Будуць заўтра заложнікі —
Дзеці...
У чаканні смяротнага часу
У падвале дзеці Міная.
З імі цётка іх родная разам,
Ёй таксама расстрэл пагражае.
— А чаму нас вартуюць салдаты? —
Знаць маленькаму хлопчыку трэба. —
А чаму не пускаюць з-за кратаў,
За якімі і сонца, і неба?
А ці скора нас вызваліць татка?
— Скора, — цётка гаворыць малому,
Татка прыйдзе і ўсім нам, дзіцятка,
Волю дасць, і мы пойдзем дадому...
— А чаму не прыходзіць ён?
Сыну
Цяжка ўсё растлумачыць адразу.
— Спі, засні, — суцяшае жанчына
У чаканні смяротнага часу.
Цётка дзецям, уклаўшы малога,
Кажа праўду пра лёс іх суровы.
Не павінен ведаць нічога
Толькі меншы —
                               сын трохгадовы.
— Вы нічога яму не кажыце, —
Навучае
Дзяцей Міная.
Сын у сне гаворыць аб жыце,
Па якому
Пойдзе дадому.
У астрожнай
Трывожнай
Цішы
Сняцца краты меншаму сыну:
— Тут і мокрыя сцены,
I мышы...
Татка, татка... забыў нас... пакінуў.
— Спі, засні, — суцяшае кабета, —
Спі, сынок, не твая гэта справа.
Спі, наш татка не прыйдзе,
На гэта
Ён не мае бацькоўскага права.
Ноч праходзіць,
Сонца ўзыходзіць,
Заспявалі жаўранкі ў полі.
Іх выводзяць салдаты
За краты.
Хлопчык рад і сонцу, і волі.
Іх салдат
Да сцяны прыстаўляе.
Цэліць кат
У льняныя галовы,
Пачынае
З сына Міная.
Стрэл.
Упаў хлапчук трохгадовы...
Кат ізноў пісталет узнімае...
На сцяне — заложнікаў цені...

Вось і ўсё.
Перад бацькам Мінаем
Станьце, ўсе бацькі, на калені!