Балада аб знойдзенай падкове
Стук дзятла і зязюлі крык
Сустрэў вясёла ранне.
У гэты час знайшоў ляснік
Падкову на паляне.
Хто тут згубіў яе? Вакол
Ні хутароў няма, ні сёл
На сорак кіламетраў
Сярод спрадвечных нетраў.
Дарогі ў гэты кут лясны
Нікому невядомы.
Іх знае ён, яго сыны,
Але ж няма іх дома.
Чацвёрты год, як родны кут
Іх галасоў не чуе,
Чацвёрты год, як вораг тут
На іх зямлі лютуе.
Чый свежы след ад капыта
У іхняй пушчы згінуў?
Чый добры конь каля куста
Іх бацьку шчасце кінуў?
Магчыма, што не конь, а лёс
Праехаў праз дуброву?
Магчыма, месячык з нябёс
Згубіў сваю падкову?
Не дакраніся да яе,
Ляснік, а першай справай
Жаданні ёй скажы свае —
Жаданні стануць явай.
Не стаў ляснік падковы браць,
Пайшоў ляснік дадому,
Усё ён можа пажадаць
Цяпер сабе самому.
Зямлі? Не хочацца яму.
Багацця? Што багацце.
Палацаў? Можна аднаму
Жыць і ў сялянскай хаце.
Унь вокны смела ў лес глядзяць,
Хіба мілей палацы?
Унь косы пад страхой вісяць —
Чацвёрты год без працы.
Чацвёрты год грыміць вайна,
Аж чутны ў небе гукі.
Чацвёрты год як касільна
Сыны не бралі ў рукі.
Падумаў бацька, што з вайны
Прыйсці б сыны павінны,
Павінны ў луг пайсці яны
Хаця б на паўгадзіны.
Сказаць жадання не паспеў, —
Пачуўся гул з-за хаты,
Штыкі забліскалі між дрэў,
Загрукалі гарматы.
I абвяшчае генерал —
У ім пазнаў ён сына —
Байцам дывізіі прывал
Не больш на паўгадзіны.
Затарахцела сінява —
Яшчэ адна прыгода,
Ля самай хаты сеў У-2, —
Ляснік пазнаў пілота.
Сын сыну ціскае руку,
Аб справах дакладае,
А бацька, стоячы ўбаку,
Усмешку ў вус хавае.
Няхай пагутараць сыны
Пра справы, пра заданне,
Аднак не стрэліся б яны,
Каб не яго жаданне.
Сыны гавораць аб касьбе,
Пра завадзі і плёсы,
Не верыць бацька сам сабе,
Хутчэй нясе ім косы.
Скідае кіцель сын-пілот,
На ім — героя зорка,
Павесіў кіцель сын-пілот
На дубе, што на ўзгорку.
За крокам крок,
Мігціць здалёк
Ім тая зорка з дуба.
Трава ў расе,
Вясёлы ўсе,
Ім змалку праца люба.
Ім свеціць зорка перамог,
Ім ззяе сонца з неба,
Яны працуюць шчыра ўтрох,
Як быццам так і трэба.
Сыны й не думаюць аб тым,
А бацька ім — ні слова,
Што не касіць бы сёння ім,
Каб не яго падкова.
У лузе скошана трава,
Вісяць на дубе косы,
Над дубам тарахціць У-2,
Знікаючы ў нябёсы.
Жаданы скончыўся прывал,
Сыноў чакаюць справы,
Павёў суровы генерал
Людзей на бой крывавы.
Ён сцежак, што бягуць між дрэў,
Не зблытае ніколі.
А бацька? Бацька шчасця меў
У гэты дзень даволі.
Калі апошні коннік знік
З ягонае дубровы,
Вярнуўся да куста ляснік,
Ды не знайшоў падковы.
Яе кавалі кавалі,
Разведчыкі згубілі,
А сёння зноў яе знайшлі,
Да капыта прыбілі...
Аб тым не ведаць лесніку,
Ён, здзіўлены, не знае,
Што іскры ўжо на бальшаку
Падкова высякае.
Яна ж не ведае аб тым,
Удаль ляціць імкліва,
Што праз яе ў кутку глухім
Ляснік убачыў дзіва.
Яна павезла шчасце ў свет,
У гарады, у сёлы,
I сцелецца за ёю ўслед
Дубровы шум вясёлы.
Шумі, шумі, дуброва,
Звіні, звіні, падкова!