Лірыка гадоў Аркадзя Куляшова Вялікай Айчыннай вайны

У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшоў стварыў цэлы баладны цыкл пра подзвіг беларускага народа ў гады ліхалецця, у рамках якога вылучаюцца вершы-балады «Млынар», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Маці», «Балада аб чатырох заложніках», «Балада аб знойдзенай падкове» і інш. Яны грунтуюцца на пэўных выпадках, эпізодах, здарэннях і з'яўляюцца адбіткам суровай біяграфіі ваеннага пакалення. Пахаванне забітых воінаў-беларусаў каля рускай вёскі Лажыны, што пад Старай Русаю, — такі асноўны змест верша «Над брацкай магілай». Пачынаецца верш са строгага і дакладнага апісання лугу ў вёсцы Лажыны, які вельмі падобны да лугу на Беларусі: растуць вербы і рабіны, цвітуць прыгожыя краскі і «ржавеюць варожыя каскі». На гэтай зямлі чэсна злажылі галовы беларускія хлопцы. Яшчэ нядаўна яны жылі, змагаліся, марылі, хацелі вярнуцца ў родны край — і вось загінулі. Вельмі цяжка і балюча тым, хто застаўся жыць, хто хавае загінуўшых герояў. Перадаючы момант пахавання, аўтар паказвае нясцерпны душэўны боль і незвычайную стрыманасць, уласцівую людзям, моцным духам:


                       Мы без слёз іх хаваем,
                       Памятаем пра свой абавязак...
                       Мы не плачам, бо слёзы
                       Суровых саромяцца касак.

Ад імя ўсіх жывых салдаты клянуцца здзейсніць запаветную мару загінуўшых — адпомсціць ворагу, вызваліць радзіму ад чужынцаў. Воіны гатовы ісці на любыя выпрабаванні ў імя вызвалення Айчыны:


                       Беларусь мая родная,
                       Як жа я рвуся яшчэ раз
                       Пеша ўсю цябе змераць,
                       Увесь і чабор твой, і верас!..

                       Наглытацца хачу туманоў,
                       Твайго ветру і пылу,
                       Наглытацца хачу за сябе і за тых,
                       Што не ўстануць з нябыту;
                       Вочы просяць нябёсаў тваіх,
                       Ім твайго не хапае блакіту.

У вершах А. Куляшова ваеннага часу гучыць светлы, пранікнёны, узнёсла-балючы голас чалавека, грамадзяніна, байца. Героі твораў А. Куляшова — фігуры рэальныя і легендарныя, драматычныя і бессмяротныя. Яны аддаюць сваё жыццё за маральныя каштоўнасці ўсяго чалавецтва.