Маё сэрца ў бары
Tagged:
Кожны мае свой бор, родны бор на зямлі, Бор, дзе мары, як гордыя сосны, раслі. Дзе шугалі яны ўпершыню над зямлёй Пры начлежным агні на паляне лясной, Дзе будзіла зязюля іх рана, ледзь свет, Дзе ў далёкі, за рэхам, плылі яны свет. Кукаванне ў бары ад зары да зары, Ад зары да зары маё сэрца ў бары. Не паспець мне, не ўгнацца сягоння за ім, Нешта дзіўнае робіцца з сэрцам маім. Ці яно кукавання не чула даўно? Ці слядоў маладосці шукае яно? Толькі як іх знайсці? Пастарэлі сляды, Ды і сам я даўно не юнак малады. Не паробіш нічога, мінуўся той час, Лішніх дзён у запасе не меў ён для нас. Час ляцеў, як віхор, і па гэтым бары Бур жалезных сляды пакідаў на кары. Гордым соснам, з якімі тут некалі рос, Я не скаргу прынёс на агульны наш лёс. Я — салдат свайго часу. З ягоных дарог Я без метак суровых вярнуцца не мог. Не бяда, што не толькі на соснах сляды, Не бяда, не за тым я вярнуўся сюды. Я вярнуўся затым, каб засведчыць усім Вернасць марам сваім, як жыццё, маладым. Вернасць марам, якія, закутыя ў бронь, Неслі юную праўду сваю праз агонь; Вернасць марам, што там, дзе канчаецца бор, Караблямі плывуць у жытнёвы прастор. Я вярнуўся ў свой бор, што ад бур не палёг, Каб набрацца ў ім сілы для новых дарог. Каб шугала далей мая палкая кроў Тым жа буйным агнём маіх першых кастроў. Каб па ўсіх акіянах наперад плылі Мар маіх караблі, мар маіх караблі. Думы, мары мае!.. Ганаруся я тым, Што навек заўладалі вы сэрцам маім, Што мяне, як і ўсіх, неспакойных людзей, Вы ўзялі ў падарожжа вялікіх надзей, Што ў дарозе няспыннай з юнацкай пары Мне ваш голас чуваць, як сягоння ў бары.