Пасведчанне

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Яно сабе самому дадзена,
Яно не на паперы складзена.

На светлых аркушах дарог —
Яно,
Друкована слядамі ног —
Яно.

Ішлі сляды шляхамі рознымі,
З малых рабіліся дарослымі.

Штогод, штогод, штогод
Раслі яны,
Нарэшце і ў паход
Пайшлі яны.

Шляхі раскручваліся новыя,
Нібы рулоны папяровыя.

Усё, што знойдзена, што страчана,
Усё на тых шляхах адзначана,

Усё слядамі друкавалася,
Аж покуль тут бяда не сталася.

Сляды загінулі, згубіліся,
Як пад зямлю дзе праваліліся.

Іх шлях у цемені губляецца,
На тым пасведчанне канчаецца.

А дачытаць яго захочаце,
Пад засень дрэў з дарогі збочыце.

Там, сведчачы сляды праўдзівыя,
Ляжыць пліта — пячаць маўклівая.

На ёй дзве даты ёсць суровыя,
Халодныя, абавязковыя.

Пад ёй сляды навечна згінулі,
А памяць на шляхах пакінулі.

На тых шляхах, дзе сэрца вынута —
Агеньчыкам на ростань кінута,

Каб асвятляў ён сцежкі розныя,
Каб грэў ён душы падарожныя,
Перамагаў каб сцюжы, замеці,
Са шляху не сышоў і з памяці.

Хай, сведчачы сляды жыццёвыя,
Маўчыць пліта — пячаць суровая, —
Агеньчык свеціць, разгараецца,
Пасведчанне людзьмі чытаецца!