Балада аб жывой газеце
Tagged:
Як абвясціла Масква векапомным загадам Вынікі бітвы з фашыстамі пад Сталінградам, З паведамленнем, з святочнаю весткай пра гэта Трапіла да партызан са сталіцы газета. Неслі яе агітатары ў снежныя далі, Сэрцам сваім пад кашуляй, як сцяг, сагравалі. Неслі праз лютую сцюжу, праз сівер суровы, Грэлі ім сэрцы яе палымяныя словы. Лесам ішла яна, полем ішла па дарозе, Ад паліцэйскіх штыкоў ратавалася ў возе. З бою выходзіла, з чортава пекла, жывою, Людзям жыццё яна несла, мір несла з сабою. Недасачылі за ёю фашысцкія вочы, Не захапілі пры лямпе яе апаўночы, Не пашматалі яе на кавалкі рукамі... — З днямі друкарскія літары сцёрліся самі. Часам зімовым яе снегавая навала Вырвала ў некага з рук і з сабой паімчала. Сцёртыя літары снежнай завеі шрацінкі Сцёрлі дашчэнту... Ды рана спраўляць ёй памінкі! Там, дзе завея яе пахавала за плотам, Снежнае поле газетным лягло разваротам. На развароце, у выглядзе бору густога, Сталі калонкі артыкула перадавога. На разварот, як святочныя паведамленні, З бору свайго партызанскія выйшлі злучэнні. Неслі яны на бясконцую ў полі дарогу Надрукаваную ў сэрцах сваіх перамогу. Не! Слоў праўдзівых не знішчыла лютая замець — Вусны гарачыя іх вымаўлялі на памяць. Іх і па сёння з удзячнасцю свет вымаўляе, Свет, разняволены намі, — газета жывая.