Размова з патомкам
Tagged:
Я не заўважыў, калі мая сталасць настала. Ты выбачай, мой патомак, далёкі мой брат, Песню, якая ў юнацтве сурова гучала, Вуха людское не песціла, біла ў набат. Песня мая не ўзышла сярод кветак, вядома, Кветкай у доме тваім яна не расцвіце. Час наш імклівы, а песня таксама не зломак, Каб, мазалі панацёршы, плясціся ў хвасце. Даў я ёй боты і лыжку запхнуў за халяву, Каб ні на крок не пасмела ад часу адстаць. Я пасылаў яе ў пекла агню не па славу, А для таго, каб людзей ад бяды ратаваць. Хіба магла яна гнацца за ўласнаю славай, Хіба ласкавай магла быць у тыя гады, Калі у кожным радку яе ранай крывавай Родныя сёлы дыміліся і гарады. Знай, што я сам з абгарэўшымі тымі радкамі Быў неаднойчы ахоплен знішчальным агнём, Што я не толькі пісаў іх сваімі рукамі, Сам бараніў іх ад смерці салдацкім штыком. Сам бараніў іх, але калі б мне загадалі З песняй памерці, ратуючы родны прастор — Зоры Крамлёўскія, Крымскія сінія хвалі, Горы Валдайскія, — я без вагання б памёр. Вось чаму сёння, у мірны наш дзень, пасля боя, Рад я за песню, што выстаяла ў барацьбе, Але найбольш, мой патомак, я рад за друтое — Рад, што жыццё здабылі мы сабе і табе. Песня мая не красуняю-кветкай з паляны, Песня мая пехацінцам увойдзе ў твой дом, Ты ёй даруй і глыбокія шрамы і раны, Знай, што і ім ты сваім абавязан жыццём.