Вуліца Маскоўская

Яшчэ не ацэнена

Я жыву на вуліцы Маскоўскай...
Пад вясновым громам
I дажджом,
Адлюстрованы ў панелі коўзкай,
Там стаіць шматпавярховы дом.

Пакланіўшыся вясне і маю,
Кліч зязюлі ўчуўшы з-за ракі,
Кожны год
У вёску ад'язджаю
Падышаць, чым дышуць землякі.

Нехта з іх, за гутаркай сяброўскай,
У мяне спытае: «Дзе жывеш?..»
Адкажу:
«На вуліцы Маскоўскай...»
(На той самай, пра якую верш.)

I, пачуўшы вуліцу такую,
Ён ласкава гладзіць вус сівы
I ўяўляе, мусіць,
Што жыву я
Недзе недалёка ад Масквы.

Землякі вітаюцца з пашанай,
Ну а я?
Лаўлю сабе ляшча
I хаджу, хаджу дарогай знанай,
I слыву,
Слыву за масквіча.

У дуду з цікавасцю маскоўскай
Звонка па-дзіцячаму свішчу
Ці, махаючы сталёвай коскай,
Луг я рэжу...
Лацьве масквічу!

Думаю пасля,
Адчуўшы стому,
Што і тут, пад дахам з сінявы,
Я жыхар і вуліцы, і дому,
Ад якога... блізка да Масквы.