Магілёўская хмарка
Tagged:
У вобласць Арлоўскую хмарка плыла,
Пачаўшы свой шлях з Магілёўскай.
У дзень нараджэння хмарынка была
Бялюткаю парай дняпроўскай.
Расла яна хутка і ў першы палёт
Збіралася ўвечары дбала
I лёгкую пару з азёраў, балот
Да шляху свайго далучала.
Нямала яна для тутэйшых людзей
Зрабіла карыснай работы,
Напрыклад, пад Крычавам стомленых жней
Схавала ў свой цень ад спякоты.
У вобласць Арлоўскую хмарка плыла,
Спрабуючы першыя сілы,
Уласным дыханнем у рух прывяла
Ужо ветраковыя крылы.
Нясмела трывожачы цішыню,
Над дахам вось гэтым, над домам,
Напэўна, ў жыцці сваім упершыню
З вясёлым праехала громам.
I людзі ўсміхаюцца хмарцы сваёй,
I ўдзячны услед ёй крычу я:
— Расці, магілёўская хмарка,
З зямлёй
Трымаючы сувязь жывую!