Маладосць
Tagged:
Я за трактарам калісьці бег,
Кінуўшы ў агонь вярцёл і сала;
Ты да ціхіх саламяных стрэх
З гулам пад'язджала.
Я ўпрыгожваў з дзеўчынай сваёй
Перад святам арку дзеразою;
Ззяла ты вясёлкавай дугой
Над калгаснай аркай, над страхою.
На таку ўмалот свой залаты
Вымяралі мы паўнюткім мехам;
Адгукалася па хатах ты
Пераможным рэхам.
Я цябе, жаданую, чакаў,
Сустракаў без крыўды, без трывогі,
Жоўценькім пясочкам пасыпаў
У прысадах летнія дарогі.
Па дарогах тых, па сцежках тых,
Па якіх ішла сяброў сям'я ўся,
Нёс цябе між даляў дарагіх
I натхнёна плакаў і смяяўся.
Шлю падзяку вёснам і сябрам,
Жытнім копам на шырокім полі...
Маладосць! — я ўсё табе аддам,
Не сыду з дарог тваіх ніколі.