Ранак
Tagged:
Выходжу я ў разведку —
Рашучы заўтра бой.
Ты, ранак.
Будзь за сведку,
Услед ідзі за мной.
З табой у згодзе поўнай
Жылі мы з першых дзён.
У барацьбе няроўнай
Я трапіў у палон.
I рукі мне звязалі,
I ў плечы б'е прыклад.
«Вядзі! —
Мне загадалі.—
Паказвай шлях назад...»
Ты, ранак мой вялікі,
У час маіх няўдач
Пад ногі кідай пікі,
Дарогі перайнач.
Дзе рэчку помніў розум,
Там возера кладзі,
Дзе корч —
З карча бярозу
На месцы тым радзі.
Дупло зрабі з засечкі,
Хай птушка ў гэты дзень
Туды свае яечкі
Блакітныя кладзе.
У родную краіну
Дарогі перайнач.
А я? А я загіну.
А ты?
А ты не плач.