Млынар
Tagged:
Моўчкі сумны млынар развітаўся з сям'ёй, — З жонкай, з сынам малодшым, чацвёртым, Згоды ў іх папытаўшы, у хаце пустой Сам застаўся з намерам найцвёрдым. Ён з маленства да гэтых мясцін прывыкаў, Палюбіў і балоты, і далі. Хлеб, жывёлу сваю і маёмасць раздаў Ён часцям, што на ўсход адступалі. Уваходзіў у хату ён гол, як сакол, Нават хата здалася чужою, Апусціў кулакі, быццам камні, на стол, Доўга думаў над доляй сваёю. Век малоў ён муку, з году ў год, з году ў год, Век быў шчырым і ціхім і белым, Да яго ў агарод, Як у родны чарот, Качкі дзікія лёталі смела. Ды няма цяпер мірнага шчасця таго, Нават качкі з трысця паляцелі. Ён застаўся адзін. Увайшоў да яго Ціха ў хату прыяцель Савелі. Не для мірнай прыемнай размовы адны Тут сустрэліся блізкія людзі, — Тут чакаць чужакоў застаюцца яны, Часу мала ім, нельга марудзіць. I таварыш таварышу клятву даваў Над ствалом партызанскай бярданкі. Ды Савелі ўначы за сялом сустракаў Хлебам-соллю фашысцкія танкі. Ён прывёў уначы, як пагаслі агні, Іх пад дом старшыні сельсавета. Назаўсёды і дом, і дабро старшыні Аддаваў яму вораг за гэта. Раніцою ўставаў ён ад шчасця п'яны: Саўка — стараста. Новае цуда! Камуніста прадаўшы, адразу ў чыны За ноч выбіўся, вылез іуда. Як пакінулі чорныя госці сяло, У якім пагулялі нямала, Выйшаў з жыта млынар, што яго берагло, Ад варожага вока хавала. Сэрца білася ў грудзях, як жорны ў млыне. Падышоў к сельсавету. Быў ранак. Стрэльбай грукнуў у дзверы: «Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!» Выйшаў з дому на кліч млынара гаспадар, Стаў, хістаючыся, ля паркана. Плюнуў дымам млынар I агнём яму ў твар, Верны клятве, пайшоў к партызанам.