«Зайздрошчу я мастам»...
Песня Ігара Лучанка «Алеся», што загучала на пачатку сямідзесятых, імгненна стала шлягерам.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны, Палынны жаль смугой ахутаных дарог, Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог... —
гучала адусюль, уражваючы слухача не толькі прыгажосцю мелодыі, але і незвычайнай чысцінёй і пяшчотнасцю эмоцыі, якую несла паэтычнае слова. Аўтару яго, Аркадзю Куляшову, чалавеку амаль «юбілейнага ўзросту», пачалі тэлефанаваць сябры — аматары яго паэзіі. Пасля традыцыйных для самой сітуацыі слоў захаплення нязменна надыходзіла чарга такое заўвагі:
— Я не думаў(-ла), што ты такі малады душой!
— Добра ж ты ведаеш маю паэзію... — гучала ў адказ, з чым субяседнік, не адчуваючы іроніі, спяшаўся пагадзіцца, пакуль аднойчы аўтар не вытрымаў і не ўдакладніў:
— Шчыра кажучы, я напісаў гэты верш (у аснову песні «Алеся» лёг верш «Бывай!..», напісаны ў 1928 годзе. — В. К.) чатырнаццацігадовым...
Чатырохгадовым, у імкненні паквітацца з дарослымі за крыўду, мой бацька, Аркадзь Куляшоў, падпаліў хату крыўдзіцеля. Пра жудасны пажар восені васемнаццатага, калі выгарала палова мястэчка, мне ў сярэдзіне сямідзесятых расказвалі бацькавы аднавяскоўцы, калі я яшчэ не ведала, а яны ўжо забыліся, каму былі абавязаныя такой бядою.
Усведамленне бяды, якую ён прынёс землякам, абудзіла самасвядомасць будучага паэта. «Так детство кончилось. Он прежним больше не был», — скажа Аркадзь Куляшоў, пераносячы свой псіхалагічны вопыт на героя, шасцігадовага хлапчука, што імгненна пасталеў пад бомбамі і агнём кулямётаў, у вершы «На Минском шоссе», напісаным у сорак першым для франтавой газеты.
У 1973 годзе, на схіле жыцця, прадчуваючы, мабыць, свой скрушны лёс і ўжо не спадзеючыся на большае ў творчасці, бацька напісаў цыкл вершаў, сярод якіх «Зайздрошчу я мастам»:
Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам, Дарогам, па якіх да нашых дзён Імчаць саставы з посвістам і грукатам, Не помнячы праслаўленых імён. Хачу, каб так і слова — не жалезнае, Знаёмае з пакутай і слязьмі, — Ад славы і імёнаў незалежнае, Трымала сувязь з часам і людзьмі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца? Ёсць весткі альбо там яны ляжаць, Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? — Знаць важна, але можна і не знаць.
Верш гэты — паэтычнае крэда сталага Куляшова. Ідэя ананімнасці творчасці, якую аўтар выказвае як дапушчальную ў адносінах і да ўласнай, выцякае з яго поглядаў на месца паэта ў грамадстве. Сэнс яго дзейнасці Куляшоў бачыць у выніках творчай працы. Свае думкі паэт выказвае афарыстычна, не тлумачачы. Прастатой яны могуць збянтэжыць чытача з тых, хто шукае мастацтва не ў глыбіні проста выказанай думкі, а ў мудрагелістасці самацэльнай формы. Прапаную расшыфроўку аўтарскага крэда, «запазычаную» ў вядомага рускага журналіста і філосафа пачатку стагоддзя В. М. Мураўёва, рэпрэсіраванага на пачатку трыццатых. Пра апошняе ўзгадваю, каб не тлумачыць, чаму равеснікі майго бацькі ў культуры, асабліва з вясковых, не маглі стаць нашчадкамі грамадскай думкі дзеячаў перадрэвалюцыйнага пакалення. Плён працы апошніх вяртаецца да нас толькі сёння. Таму, сутыкаючыся з іх думкай, ацэньваеш у куляшоўскай не толькі глыбіню, але і яе самастойнасць.
«Вывучаючы сваё малое «я» паглыбленнем у яго, — пісаў Мураўёў, — я адкрываю яго здольнасць да бясконцага пашырэння, якое ў пэўны момант ператварае яго ў Вялікае «Я». Шлях да гэтага пашырэння — не сузіральны. Імя яму — здзяйсненне. Гэтая творчасць, што няспынна і вечна з'яўляецца і ўваскрасае, — ёсць Бог. Адносіны паміж мною і Богам з'яўляюцца адносінамі паміж маім малым і вялікім «Я». Сваё Вялікае «Я» разам з тым я адчуваю як бясконцую сусветную плынь творчасці, якая мяне нясе... Скіроўваючы позірк у глыбіні свайго Вялікага «Я», чалавек знаходзіць сілы і сродкі ўздзеяння на навакольны свет».
1994 год для Куляшова юбілейны. Сёння ён мог бы адзначаць сваё васьмідзесяцігоддзе. На жаль, ён ужо не і намі. Мы ж па-ранейшаму з ім. Тыя, хто наталяе прагу сваёй душы з крыніц паэзіі. I хоць куляшоўская стала ўжо класікай, яна — не толькі гісторыя нашай літаратуры. На здзіўленне, вялікай сваёй часткай творчасць Куляшова сугучная нашаму часу, бо як мысліцель ён абганяў свой. Таму і сёння яго паэтычнае слова ўдзельнічае ў справах жывых вопытам жыцця аўтара.
Мой бацька быў адным з тых рэдкіх людзей, хто рана ўсвядоміў сваё прызначэнне і падпарадкаваў яму свой лёс.
Ён быў паэтам савецкай эпохі беларускай літаратуры, які пазбегнуў рэпрэсій, скіраваных супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, выпадкова: на маладосці, асцярожнасці і шчаслівым збегу абставін. Ён ніколі не выкарыстоўваў палітычнай кан'юнктуры ні ў жыцці, ні ў творчасці. На фоне паэтаў-сучаснікаў ён глядзеўся апалітычным, хоць сёння, застаўшыся ў сучаснай паэзіі амаль адзіным прадстаўніком свайго пакалення, выглядае інакш. Гэты феномен яшчэ раз нагадвае нам, што творчасць нельга разглядаць пазагістарычна. А што да Куляшова, — дык у адзінкавых — у адрозненне ад большасці сваіх паэтычных паплечнікаў — вершах палітычнага гучання ён услаўляе не рэжым, а ідэю вольнасці, роўнасці і брацтва, у якую шчыра верыў. А шчырасць — перадумова мастацтва. Палітычныя памылкі можна дараваць мастаку, бо палітыка — не яго справа. Няшчырасць — нельга. Яна разбурае мастацтва, якое на ёй трымаецца. Бацька ніколі не здраджваў паэзіі няшчырасцю, чым, магчыма, тлумачыліся халодныя адносіны ўлад да лепшага свайго паэта. «Можа даваць нечаканасці», — гаварылася пра яго «наверсе». Прыклад Куляшова — сведчанне таго, што паняцце «свабода творчасці» — катэгорыя духоўная.
Сам «выхад» Аркадзя Куляшова на «арбіту» савецкай паэзіі адбыўся раней, у 1940 годзе, калі ўбачыў свет яго першы зборнік на рускай мове («Дубрава»), а датай нараджэння паэта ў роднай літаратуры трэба лічыць 1926 год.
У 1946 годзе паэма «Сцяг брыгады» атрымала вышэйшую літаратурную ўзнагароду. Аўтару праз некалькі дзён споўнілася трыццаць два. За плячыма — дваццаць год працы ў літаратуры, а наперадзе — яшчэ трыццаць два, якіх ён не змарнуе, напружана працуючы ў наэзіі. Вынік гэтай працы — філасофская лірыка «Новай кнігі», вершы і пераклады розных год, паэмы «Далёка да акіяна», «Варшаўскі шлях» і «Хамуціус»...
Гэтыя вышыні — вехі творчага шляху Куляшова, які лёгка паддаецца перыядызацыі таму, што паэт ніколі не перапяваў нават уласных паэтычных знаходак.
Ён быў першаадкрывальнікам у паэзіі. Таму кожны паэтычны твор Куляшова нараджаўся як дзіця — абрываючы пупавіну еднасці з папярэднікам.
Ва ўспамінах пра Куляшова прагучала неяк думка, што ён быў запаволеным у жыцці і творчасці. Так мог сказаць толькі той, хто ведаў бацьку павярхоўна. На самай справе паэт працаваў многа і напружана. Ён — аўтар амаль двух дзесяткаў паэм і соцень вершаў. Пяру паэта належаць артыкулы пра творчасць беларускіх, рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў. Ён — вядомы перакладчык. Узровень куляшоўскіх перакладаў такі, што яны і зараз — узоры перакладчыцкага майстэрства. Такая заангажаванасць працай пры адказным да яе стаўленні патрабавала ашчаднасці ў выбары накірункаў. I калі нешта з таго, што ён хацеў ці абяцаў зрабіць, не ажыццявілася, дык гэта таму, што ляжала, трэба думаць, у рэчышчы другарадных у сістэме вартасцей Куляшова спраў, да якіх так і не дайшла чарга.
Да другарадных спраў сваёй сістэмы адносіў бацька і перакладчыцкую працу. Сустрэча з музай другога паэта была для яго адпачынкам ад уласнай творчасці.
Чаго Куляшоў зусім не пісаў, дык гэта ўспамінаў, бо лічыў, што «мемуарысты пішуць больш пра сябе, чым пра тых, каго ўспамінаюць». Гэта, безумоўна, перабольшванне, але бацька быў чалавекам выключнай да сябе патрабавальнасці і аб'ектыўнасці. Гэтым, магчыма, і тлумачыцца ўзровень яго артыкулаў пра паэзію, як і паэмы, прысвечанай сябру, рускаму паэту Аляксандру Твардоўскаму, якога, не без падстаў, лічыў сваім земляком.
Сёння ж, калі мы зноў жывём надзеяй, хай часцей гучаць для нас радкі, падобныя гэтым:
Сноп апошні залатога жыта Застаецца ў памяці палос... Гэтак і цябе не скосіць лёс — Мною ты не можаш быць забыта...
Валянціна Куляшова