Дарогі
Tagged:
I Калі адзін сяджу ў сваім пакоі, Калі стучыцца дождж паціху ў вокны, Здаецца мне, туды, ў далёкі свет, Пакінуты у розныя часы I ў розныя часы прачуты мною, Перанашуся я... Разгортваю старонкі Шляхоў пад небам сінім, па якіх Ішлі, ішлі і след кідалі ногі; I жоўтыя пяскі і шум бярозны — Мне гэта ўсё знаёма да драбніц, Да кожнае маленькае засечкі, Сякерай невядомаю на дрэве Калісьці зробленай... На хвалях успамінаў, Здаецца, падхапіў мяне палёт — Ад болю лёгкага, ад песень сэрца млее, А там, унізе, моцнымі рукамі На гэтай вышыні мяне трымаюць Усе мае семнаццаць год жыцця. II Успамінаецца мой ціхі край забыты, Дзе рос, дзе першы раз рукой нясмелай Усё, што ў юным накіпела сэрцы, Ўсе радасці дзіцячае пары, Ўсё горкае ў таемны сшытак вынес... I лёгка мне было, і плакаў я, Таму што ўсё смяялася навокал, Таму што ў радасці не чуеш горкіх слёз. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . I помніцца мне першае каханне; З тых пор ніколі болей не кахаў Так шчыра і так лёгка і так сумна, Як я кахаў яе — адну дзяўчыну, Якую людзі клікалі Алесяй (Знаць прозвішча нікому не цікава), З прыгожымі задумнымі вачыма, З якою я праходзіў курс навук У нашай небагатай сямігодцы... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Ты да мяне прыехала, таварыш, Блукалі мы з табой па тых мясцінах, Дзе жыў я першыя свае гады... Ў жытах з табой зрывалі каласы. Ў лес ідучы, мы іх вязалі разам. Запальвалі пасля агонь вялікі I ў стройных соснах смажылі пражмо. I ў травах лежачы (за край знікала сонца), Пра будучнасць мы марылі з табой, I думкаю былі ўсхвалёваны адной, I радасцю былі ўсхвалёваны адной, І песняю былі ўсхвалёваны адной... III I два гады не чуў я шуму сосен, Радзімыя мясціны, два гады Я не хадзіў, не падзяляў я з вамі Высокага ляснога суму дрэў!.. І хмары шызыя прайшлі над краем гэтым, Не закрануўшы галавы маёй. Дажджы лілі, на лісце кроплі палі, Берасцяная клікала труба, І статкі йшлі на пыльныя дарогі, На неба напаўзалі вечары... ...Часы суніц чырвоных, спелых Адкукавалі ўдаль зязюляй, Адпелі поўным голасам дзяўчыны I канулі, як канула юнацтва, I адышлі, як сталасць адыходзіць, Ад кошыкаў, ад стомы, ад вятроў... Ад кошыкаў, — У іх мы носім плён, Ад стомы, — што ідзе пасля, I ад вятроў — і ўсходніх і заходніх, Што хмары гоняць, што гартаюць кнігу З'яднаных зор, маланак, перуноў... Часы суніц чырвоных, спелых Адкукавалі ўдаль зязюляй... I перуны грымелі, і лісты Асвечваліся зарывам маланак. Рабінавыя ночы, вы прайшлі Пад знакам восені, шумлівых бур, Прайшлі, калі я не сачыў за небам. Тады рабіны плакалі... Далёка Ад месца, дзе жыву я зараз... Я знаю, седзячы ў сваім пакоі, Што там, дзе возера ляжыць каля акна, Дзе нізка дым ад коміна ідзе, — Там радасць мусіць жыць і будзе жыць заўсёды, Пад ранкамі, пад вечарамі неба, З суніцамі чырвонымі і спелымі, З юнацкімі гарачымі ўспамінамі...