Я музу параўнаў бы з роднай маці...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Я музу параўнаў бы з роднай маці,
Ды слоў для параўнання не стае.
Адна ёсць маці, што як сонца ў хаце.
Хто можа быць радней нам за яе?

Я б музу параўнаў са сцежкай першай,
Што песню абвяла вакол сяла,
Калі б мяне, з маёю песняй пешай,
Дарогам сцежка не перадала.

Калі б дарогі гэту эстафету
З рук палявых не аддалі шляхам,
Шляхі — чыгунцы, а чыгунка — свету.
Якое музе параўнанне дам?

Яна не маці, не дарога ў свеце,
А доля, з вечнай прагаю ў вачах.
Сцяжынкі ўслед за ёй бягуць, як дзеці,
Насустрач ёй ляціць за шляхам шлях.