Калі з зямлі на белай хмары ў неба...
Калі з зямлі на белай хмары ў неба
Падымецца магутны карабель,
Мы, людзі, будзем думаць: а ці трэба
Шукаць пілотам для Зямлі зямель?
Ці варта круг рабіць ім развітальны,
З тугой за кантынентамі сачыць,
Як быццам бачыць кадр дакументальны,
Дзе ім ужо статыстамі не быць?
Няхай, па невядомай нам прычыне,
Не вернуцца яны на касмадром,
Заснуўшы сном касмічным у кабіне
Ці недзе новы адшукаўшы дом...
Аднак зацвердзяць поспеху бясспрэчнасць
Наш век дваццаты і наступны век,
I будзе фільм Зямлі глядзець не вечнасць
Вачыма зор сваіх, а чалавек.