Перад падарожжам
Агонь начлежны смаліць вецце,
Скубе мурог падбіты конь,
А я апошняга трохлецця
Дзень кожны кідаю ў агонь.
Я быў шуканнем ашуканы,
Дарогай у палон узят.
Не я — мой конь непаслухмяны,
Непадкаваны вінават.
Лясы б маіх блуканняў высеч,
Распяцца б на крыжы хваін
За сотні дзён, за сотні тысяч
На вецер пушчаных хвілін.
Адзін здабытак мой — пакуты,
Што сівізной ляглі на скронь.
Не лёд душы, а боль пякучы
Я ў прагны кідаю агонь.
Палю я рэшту дзён мізэрных,
Але не за цяжкія іх
Шуканні вернасці ў няверных,
Святой любові ў несвятых.
I не за тое іх палю я,
Што абпаліўся жорстка сам,
Што больш за марай не палюю,
Гадоў на марнасць не аддам —
Палю з рашучасцю суровай,
Каб сталь з іх выплавіць да дня,
Загартаванаю падковай
Надзейна падкаваць каня.
Палае горан мой у соснах,
Куецца ў ім дарожны дух
Для горных круч, для хваль высозных,
Для самых грозных завірух.