Палын не трэба ні млынам, ні зводкам...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (1 голас)
Палын не трэба ні млынам, ні зводкам.
Нядолі дар,
                    ён быў адвечным сродкам
Гаротных жней, якія ад грудзей
Гаркотаю адваджвалі дзяцей, —
Каб стаць хутчэй маглі яны на ногі,
Каб адкрывалі, з дапамогай рук,
Хат курадымных бітыя парогі...

Я з ім жыццё прайшоў —
                                             былы хлапчук —
Ад першых крокаў пад бацькоўскай лавай
Да баявых сцягоў, што мы са славай,
Не падаючы, неслі праз вайну, —
За гэта ўсё мы ўдзячны палыну!

Палын —
                  і клопат матчын, і дарога,
I слёзы, і ўспамін сіроцкіх меж,
I горыч малака таго,
                                   якога
Ніякай смагай з вуснаў не сатрэш.