На сотай вярсце
Ля поплава лазню
Таплю ад паўдня;
Ля поплава злазіць
Дзяўчынка з каня.
На вольхах даўгі
Калыхаецца цень.
Прысела. Шляхі
Затамілі за дзень.
Сто вёрст адскакала
Пякельных, як вар,
Сто вёрст загарала —
Нябёсы без хмар.
— Дазволіш, — смяецца, —
Папарыцца мне?..
Ты ж баншчык, здаецца?
Адказваю:
— Не.
Я так — летуценнік,
У бацькі ў гасцях,
Бярозавы венік
Трымаю ў руках.
Пяю табе славу,
Духмяны лісток,
Ты жаркую паву
Прыбавіў здалёк.
Яна маладая
I я — малады.
Размова такая:
— Адкуль вы?
Куды?..
Кароткая стрэча
На сотай вярсце.
З маланкай пад вечар
Хмарынка расце,
Спяшае наехаць,
Нахлынуць на нас;
Развітвацца — нехаць, —
А трэба, а час.
З трывогай на хмарку
Глядзім, а маглі б
Ісці з ёй да парку —
Да школьных да ліп.
Конь пасвіўся б сыта
У лузе, а мы б
Пад самае жыта
Пабегчы маглі б.
Пасеўшы ў зацішша,
Вязалі пражмо б,
А сонца ўсё ніжай
I ніжай ішло б.
У хвалі прымала б
Яго збажына...
Куды ж паскакала
Так рана адна?
Касынкай зарой
З жытніх бліснула хваль.
Як сэрца за ёй
Парываецца ўдаль!
Эх, коні-стаеннікі,
Пыл за сялом...
Духмяныя венікі,
Чэрвеньскі гром!