Адзіным дрэвам дружбы мы раслі...
Адзіным дрэвам дружбы мы раслі.
З трох два сукі сякера смерці ссекла.
Не трапілі яны ні ў рай, ні ў пекла,
Працяг іх існавання — на зямлі.
Дагэтуль іх, нібы руку — бязрукі,
Нагу — бязногі, адчувае ствол,
Жывая верхавіна помніць мукі,
Рукой гвалтоўнай кінутых на дол.
Асуджаныя лёсам на знішчэнне,
Яны не падуладны сілам зла:
Карэнні ў дрэва ёсць апроч ствала,
Апроч карэнняў прагных ёсць насенне.
Праходзячы кругазваротны шлях,
Яно і іх вяртае ў схоў глыбокі,
Адкуль для новых дрэў карэнне сокі
Бярэ, зямлю трымаючы ў руках.