Не бачыўся я ўсё жыццё амаль...
Не бачыўся я ўсё жыццё амаль
З сябрамі незабыўнымі маімі.
Зноў выклікае на размову з імі
Навекі разлучыўшая нас даль.
Каня свайго сядлаю і ў дарогу,
Цяжэйшую з усіх былых дарог,
Кіруюся адзін, — як маналог
На пошукі жывога дыялогу.
Але ці след спяшацца мне, калі
Цень падаўжэў, конь пакалечыў ногі,
I там, куды я еду, дыялогі
Спяць вечным сном, набраўшы ў рот зямлі?
Не прыпыняйся, не жахайся, слова!..
Хай адвячорак доўгім ценем лёг —
Магчыма немагчымая размова
Датуль, пакуль магчымы маналог.