Пастух

Tagged:  
Сярэдняя: 4.3 (13 галасоў)

Нехта крывіцца, быццам не рады,
Што я вершаў даўно не пішу.
Мне і твораў чужых пераклады
Саграваюць работай душу.

Калі думкі не ладзяць з радкамі,
Ці не лепш, чым гібець ад тугі,
Чым зайздросціць другім і лакцямі
Іх расштурхваць, — пайсці ў пастухі?

Як належыць, у зрэбную кайстру
Хлеба чорны акраец кладу,
Лясну пугай, даверанай майстру,
I ганю на папас чараду.

Днём хаджу па лугах ды па стромах,
Што акрэслены плошчай стала,
Ноччу, пэўна, хадзіў бы, каб стома,
Разам з кайстрай, дазволіць магла.

I з надзеяй, яшчэ не выразнай,
Прыхаванай у сэрцы маім,
Дагаджаю я музай уласнай
Строгім музам, вядомым усім.

Рады я, калі думка чужая,
Стаўшы словам жывым пад пяром,
Раптам думку маю абуджае,
Што, забытая, спіць пад кустом.

Я тады падбіваю рухункі
Дням і тыдням, пачуўшы здалёк,
Як на голас абуджанай думкі
Адгукаецца першы радок.

I, шчаслівы, не верачы цуду,
Строгім музам кажу я тады:
Большай платы не браў і не буду
Браць з дагледжанай мной чарады.

Дзякуй, лес мой, і луг мой зялёны,
I агонь, што на ім не патух.
Дзякуй! Скончыўся тэрмін сезонны...
Спаганяй свае гарцы, пастух!