Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам...

Tagged:  
Сярэдняя: 4 (2 галасоў)
Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам,
Дарогам, па якіх да нашых дзён
Імчаць саставы з посвістам і грукатам,
Не помнячы праслаўленых імён.

Хачу, каб так і слова —
                                          не жалезнае,
Знаёмае з пакутай і слязьмі, —
Ад славы і імёнаў незалежнае,
Трымала сувязь з часам і людзьмі.

Хачу, каб слёзы, што ў душы радзіліся,
Жыццём сваім асобным зажылі,
Каб так, як дождж па шкле,
                                               яны каціліся
I па шчацэ, і па шляхах зямлі.

Хачу, каб не прылізаным і чысценькім
Быў сэрца боль, каб пёк ён і смылеў,
Каб не прыкрыт быў грэх прыстойным
                                                                   лісцікам,
Смех — гулкім рэхам быў, абвалам — гнеў.

А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца?
Ёсць весткі, альбо там яны ляжаць,
Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? —
Знаць важна, але можка і не знаць.

Вы мне даруйце сёння, суддзі строгія,
Што мой і смех і гнеў не быў такім
I што, на жаль, пад імі,
                                        як і многія,
Я прозвішчам падпісваўся сваім.