Шэршні

Яшчэ не ацэнена

Мы хадзілі некалі сюды
Насыпаць у кайстры жалуды.
Потым ты сядзела пад дуплом
Гаспадыняй,
Я — гаспадаром.
Жалудоў дзве кайстры —
Твой пасаг...
Гралі шэршні-майстры
На басах.
Пад равеснікам суровых
Продкаў
Чай пілі мы з жалудовых
Сподкаў.
А цяпер? Мінуўся гульняў час,
Сподкі замалыя ўжо для нас,
А дупло для нас зацесны дом:
Цёмна ў ім,
Не свеціць ён агнём.
Мы з табою хітрымі былі,
Раскідалі попел па зямлі,
Пахавалі сподачкі ў траве,
Хто цяпер у доме тым жыве?
Мусіць, шэршні там звілі гняздо
I гудуць, гудуць. Я знаю хто.
То гудзе мой сум. Ён сёння злосны,
Ён ляціць.
(Заходзіць сонца ў сосны.)
Злосны ён ад нашых стрэч, ад згадак.
Вечарэе.
Полем крочыць статак.
Сум ляціць. А па вачах яму
Б'е трава высокая, касая;
Ён бадаецца, кароў кусае.
Як і мне, і ім маркотна:
— Му...