Карусель

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Бальшаком, на край зямлі і неба,
Я ўсю ночку цёмную ішоў,
Даганяў і абганяў, дзе трэба,
З лубкамі і сітамі дзядзькоў.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ёсць на свеце роднае мястэчка,
Там штогод бываюць кірмашы;
Міма школы меленькая рэчка
Без мяне адна плыве ў цішы.

Мне дакор яе далёкі, звонкі
У забытым чуецца трысці.
Заўтра кірмашовы дзень.
У жонкі
На дзень адпрасіўся:
— Адпусці.

У сяброў па школе даўні звычай —
На кірмаш сысціся,
Пагуляць...
I на каруселі маляўнічай
Разам адкружыць хвілінак пяць.

Кожны мае дружбака такога,
Захавана ў сэрцы да якога
Прыязні даўнейшай цеплыня.
Кірмашовы дзень,
Гарачыня.

Вось у кірмашовы б дзень выходны
З ім ці з ёй зайсці ў куток выгодны
(Ёсць такія на зямлі куткі) —
Раз у сем гадоў павіць вянкі.

Пачуццё былое да дзяўчынкі
Нёс і я.
I тут яе сустрэў.
Між густых аглобляў, як між дрэў,
Я іду на аганёк касынкі.

А дзяўчына лузганцы кусае
I таксама некага шукае,
I ў вачах блукае неспакой,
I крычу я радасна:
— Пастой!

Мы адны з ёй. З нашых — больш нікога.
Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.
Тая ж з кірмаша над гай дарога.
— Што ж, найшлі?
— Пайшлі...
I мы ідзём.

Сем гадоў не бачыліся — раз,
Замуж выйшла,
Добра ладзіш з мужам;
Дзе ж ты, карусель? За ўсё адкружым,
Як усё кружылася за нас.

Добры дзень, знаёмыя мясціны,
Карусель,
Крылатая душа!..
Гай шумлівы, гоман кірмаша,
Печанага хлеба водар кмінны.