Пра асіны
Развесіўшы з самай зары на вятры
Сушыць павучыныя сеці,
Аблытала бабіна лета бары
Маной аб нягаснучым леце.
Аблытала дот, што зарос бур'яном,
Бліндаж, што не вытрымаў буры,
Асіны, што лісцяў гарачым агнём
Закрылі агонь амбразуры.
Асіны, асіны! Між цёмных ялін
З нізін прабіваюцца ўгору
Іх яркія вогнішчы!.. Хто на ўспамін
Пакінуў іх змрочнаму бору?
Хто іх запаліў тут? Бязлітасны шквал
Пякельнае артпадрыхтоўкі?
А можа, пяхоты апошні прывал,
Каманд пахавальных рыдлёўкі?
«Хіба ўжо, — трывожыцца полымя іх, —
Не кружыцца смерць над дамамі,
Братэрства і згода пакуты жывых
З калючых дратоў паздымалі?..»
Глытаючы вецер акопны і пыл,
Суровымі сведкамі часу,
Яны — нібы ўдовы на варце магіл —
Застылі ў чаканні адказу.
Як камень халодны нямых курганоў,
Гняце іх цяжкое чаканне.
I полымем вечным жалобных кастроў
Над светам палае пытанне.