На абшарпаную халупу...
Tagged:
На абшарпаную халупу
Стопавярховы небаскроб
Глядзіць праз вокны, як праз лупу,
За хмарай хмурыць змрочны лоб.
Жабрачку з панам, з ботам лапаць
Звялі на вуліцы адной.
Яму — дзвярыма гучна ляпаць,
Старцоўскай торбай трэсці — ёй.
Ён — дабрабыту ўвасабленне,
Ён — незлічоная казна.
Стаіць насупраць, як сумленне,
З рукой прасцёртаю яна.
Яму той лёс не перайначыць,
Лягчэй сумленне падмануць —
Заплюшчыць вокны і не бачыць,
Закутаць дзверы і не чуць.