Ужо з другім заручана дзяўчынка...
Tagged:
Ужо з другім заручана дзяўчынка,
А я — юнак — хаджу халасцяком.
Вярнулася ў мой апусцелы дом
Дзіцячых мар таварышка — сцяжынка.
Я расказаў ёй пра сваю бяду,
Зарок даваў ёй, што з мяне даволі
Дзявочых стужак і што я ніколі
З яе пясчанай стужкі не сыду.
Я прысягаў ёй, а яна маўчала,
Наперад бег я, а яна — назад.
Тым дням, адкуль яна пачатак брала,
Прыйшоў канец у рэчышчы прысад,
Дзе, як ручай, сцяжынка палявая
Пералілася хвалямі няску
У сталасці шырокую раку —
Гасцінец-шлях... А ён куды ўпадае?