Паэмы Аркадзя Куляшова
Жывучы ў суладдзі з часам, паэт піша паэмы «Цунамі», «Варшаўскі тракт», «Хамуціус», у якіх перадае самаадчуванне чалавека ў наш трывожны, навальнічны час, яго барацьбу за будучыню без вайны, за чыстае паветра і ваду, за ачалавечванне свету, за ўсеагульнае шчасце. Паэма «Хамуціус» (такім быў адзін з псеўданімаў К. Каліноўскага) прысвечана гераічнай барацьбе К. Каліноўскага за мужыцкую долю. У цэнтры ўвагі паэта — каханне галоўнага героя і Марыські Ямант, тое светлае пачуццё, якое зрабіла Кастуся моцным, адважным не толькі ў сценах астрога, але і перад шыбеніцай. Паэт імкнецца не толькі аднавіць гістарычныя і легендарныя старонкі Айчыны, але і спасцігнуць усе супярэчнасці нашага часу. Ён востра адчувае сваю адказнасць не столькі перад сабой, колькі перад усім грамадствам, яго гісторыяй і будучыняй.
Апошняя буйная веха творчага шляху Аркадзя Куляшова — драматычная паэма «Хамуціус», прысвечаная нацыянальнаму герою беларускага народа і яго патрыятычнай справе. Паэт звярнуўся да асобы Каліноўскага, трэба думаць, таму, што эвалюцыя ўласнага светапогляду прывяла яго да высноў, якія некалі склалі пафас усяго жыцця героя. Загаварыўшы пра Каліноўскага, Куляшоў зноў «параўняўся з нашчадкамі». Сёння мы нават маглі б падлічыць, на колькі гадоў аўтар у дадзеным выпадку абганяў свой час. Гэта ж толькі зараз зайшла гаворка пра тое, што паэму варта было б уключыць у праграму навучання, у той час як у 1980 годзе, праз два гады пасля смерці аўтара, паэму знялі з друку ў томе паэзіі Аркадзя Куляшова ў вялікай серыі «Бібліятэка паэта», што выходзіла на рускай мове ў выдавецтве «Советский писатель».
Як бачым, грамадству спатрэбіліся амаль два дзесяцігоддзі, каб усвядоміць, што твор варты таго, каб грамадская думка засвоіла яго. Колькі ж часу спатрэбіцца на самое засваенне? Нават сёння, калі актуальнасць праблематыкі твора незалежнасць Беларусі — пацверджана жыццём.
«Варшаўскі шлях» — паэма пра час і месца паэта ў ім. Яна — рэквіем Твардоўскаму, самому Куляшову і ўсім сапраўдным паэтам усіх часоў і народаў. А эпілог — зварот да нас, нашчадкаў, тых, хто ідзе на змену:
Я знаю, ты, мой шлях, перажывеш Мяне, мой верш. Дык знай, калі рубеж Ты не мінеш, які завуць вайною, Апошняй бітваю дабра са злом, З тым злом, што мы пад Брэстам і Масквою У сорак першым нішчылі з табою, — Знай: дзень, што судным выбухне агнём, Той дзень і нашым будзе судным днём. Тады мяне ты ўспомні, як салдата...
«Варшаўскі шлях», «мой шлях» у такім паэтычным кантэксце для Куляшова — сімвал яго роднай Беларусі. I дай Божа, каб яе будучы лёс склаўся так, каб нашчадкам не даводзілася звяртацца да салдацкага вопыту свайго паэта. Хай гэты вопыт стане гісторыяй, назаўсёды адыдзе ў нябыт. А Куляшоў хай застанецца ў нашай паэзіі яе пяшчотным лірыкам, тым, кім ён і быў народжаны, хоць і не здолеў у поўнай меры рэалізаваць сябе такога, бо сам лёс народны рабіў мужчын салдатамі.