Як мне сябрам паклон адважыць нізкі...
Як мне сябрам паклон адважыць нізкі,
Дзе адшукаць іх захавання дол?
Ляглі маўклівым сведчаннем на стол
Адзіныя іх помнікі — дзве кніжкі.
Друкарняю адціснуты як след
На вокладках два прозвішчы і даты
Іх нараджэння новага на свет.
Два томікі, як два чырвоных святы!
Смяротнага спаборніцтва з пяром
Не вытрымаў ні штык, ні сталь рыдлёўкі,
I не змагла імгла нямой дамоўкі
Верш задушыць халодным забыццём.
Два томікі — два помнікі. З партрэтаў
Глядзяць сябры. Мы дружбе служым зноў.
Інакшых служб не трэба для паэтаў —
Ні ладана, ні жаласных прамоў.