Падлетак я — ад пят і да валос...
Tagged:
Падлетак я — ад пят і да валос,
Таварышка мая — лясная сцежка.
Аднойчы з ёй нас разлучыла ўсмешка
Сяброўкі новай, што паслаў мне лёс.
Я не чакаў раптоўнага з'яўлення
Трывог жаданых, прадчуваных мук, —
Упаў да ног дзяўчынкі кошык з рук,
Рассыпаўшы суніцы ад здзіўлення.
Разгублены, я шкадаваў не іх,
Не сцежку, што вілася за сасною, —
Шкада, што адыходзіў разам з ёю
Час бесклапотных пошукаў лясных.
З парой турбот наладзіўшы спатканне,
Сцяжынка знікла ў ельніку густым.
З усмешкаю над кошыкам пустым
Схілілася жывое прадчуванне.