Бег цень мой на гару, каціўся з кручаў...

Tagged:  
Сярэдняя: 4.6 (5 галасоў)
Бег цень мой на гару, каціўся з кручаў,
Ніяк не мог угнацца я за ім,
Калі ён ранак дня майго раскручваў
На палатне дарогі суравым.

А ў поўдзень мой спякотны, незваротны
Ужо кароткім крокам мераў цень
Шляхоў шыракатканыя палотны,
Жадаючы нібы прадоўжыць дзень.
 
Парой вячэрняй з хуткасцю абознай
Ён цягнецца так доўга ад таго,
Што не жадае на вярсце апошняй
Гаспадара пакінуць аднаго.

Маё сяброўства —
                                  цень мой пажыццёвы,
З якім прайшоў праз дым, агонь, ваду,
Якому не здраджаў, які гатовы
Са мною ўпасці там, дзе я ўпаду.