Сябры, каго вайна скасіла кулямі,
Дыханне ваша чую за спіной.
Зноў грозна, разварушанымі вуллямі,
Гудуць франты...
Не ціхне вечны бой.
Зноў прыпадае з жалем Бесядзь родная
Да каранёў дуброў, да ног сяліб —
Хвалюецца, што нечысць вадародная
Даверлівых яе атруціць рыб.
Дубы глядзяцца ў глыб ракі, і кволыя
Спяшаюцца да завадзяў сады,
Каб стрэсці з плеч напалмавае полымя,
Што прагне перакінуцца сюды.
Вам цяжка дыхаць,
вы ў адчаі просіце
Зямлю, каб адпусціла вас назад
На вольны свет.
Я знаю, вы зайздросціце
Жывым.
А ім хіба лягчэй нашмат?