Віцебская махорка
Здан горад Віцебск. З весткай горкай
Ішлі мы ўздоўж яго Дзвіны.
Здан Віцебск.
Мы яго махорку
Яшчэ курылі да вайны.
I, адступіўшы, на прывале
Усе курылі, як адзін,
Развітваючыся, дышалі
Мы дымам родных нам мясцін.
Дымок цягнуўся к соснам любым
I плыў да хмарак, і адтуль
Пустым дамам, астыўшым трубам
Таксама гаварыў: «Пакуль».
На фронт махорку прысылалі
Другія гарады пасля,
Чаргой міналі
Дні і далі:
Усход, заход, вада, зямля.
I вось назад ідзём мы ў славе.
Нас паляць подыхі зімы.
Жаданы горад!
Неўзабаве
У родны горад прыйдзем мы.
Ніводнага жывога дома,
Скрозь груды попелу й цаглін.
Табачнай фабрыкі, вядома,
Не знойдзем мы сярод руін.
За фабрыкай у самым цвеце
Быў сад —
Няма яго, аднак.
Па-гаспадарску ўсё прыкмецім,
Усё прыкмецім, што і як.
Наперад мы, на захад рушым
I ўсё, што вораг знішчыў, знёс,
Усё вярнуць назад прымусім,
Усё,
Нават дым ад папярос.