Тэма Космасу ў паэзіі Аркадзя Куляшова
Ухвалены Твардоўскім зборнік вершаў «Новая кніга», які ўбачыў свет у 1964 годзе, не адразу быў ўспрыняты крытыкай з-за нечаканай для многіх навізны светаадчування аўтара, доказам якой з'явілася:
Парушыўшы законы прыцягнення, Планетамі сярод другіх планет Існуем мы з табой як выключэнне, Мая любоў, — як свет і антысвет. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Аднак зямля б мая асірацела I ўвесь сусвет ахутала б імгла, Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела Ты ў невядомасць з хуткасцю святла. («Парушыўшы законы прыцягнення... »)
Прыведзены верш быў напісаны ў 1962 годзе, праз год пасля таго, як наша «зямное» светаадчуванне было ўзарвана палётам у Космас першага чалавека, не ўсімі яшчэ асэнсаваным як пачатак касмічнай эры ў развіцці чалавецтва.
Вершы «Новай кнігі» — вынік таго, што свядомасць аўтара ўключыла ў сябе Космас як частку сферы пражывання чалавека, — сведчаць не пра аператыўнасць Куляшова ў засваенні новай моднай тэматыкі, а пра апярэджванне свайго часу яго паэтычнай думкай.
Развіццё тэмы Космасу ў паэзіі гэтага аўтара — яскравы таму прыклад. Першы вершаваны зварот паэта да «братоў па розуму» ўбачыў свет у 1930 годзе, калі нават трактар многім, у тым ліку і самому Куляшову, здаваўся цудам тэхнікі, што не перашкаджала яму прадбачыць логіку тэхнічнага прагрэсу так, быццам ён быў не паэтам, а супрацоўнікам другога вялікага летуценніка — будучага Галоўнага канструктара першых касмічных апаратаў Сяргея Каралёва, які ў тым жа трыццатым біўся над стварэннем першай у свеце касмічнай лабараторыі.
А беларуская літаратурная крытыка абвінавачвала Куляшова ў «адцягненасці» яго паэзіі.
Тэма Космасу ніколі не пераставала хваляваць паэта. У 1947 годзе, пасля публікацыі ў часопісе «Знание — сила» артыкула Фелікса Зігеля пра Тунгускі метэарыт, наступіў перыяд хатніх дыскусій па пытанні аб яго паходжанні. Куляшоў ўжо тады, як, зрэшты, і заўсёды, прытрымліваўся думкі аб іншапланетным паходжанні гэтага касмічнага аб'екта. Новы этап роздуму паэта аб сусвеце даў беларускай паэзіі верш «Зямля», напісаны ў тым жа 1947 годзе.
Хочам паветра глынуць Не з балону, Хочам на край свой зірнуць Па-былому, Чуць, як хістаюцца Хвойныя ветры, Як там купаюцца Дрэвы ў паветры, Чуць, як калоціцца неба ад грому. Годзе, — вы крыкнеце, — час нам дадому! Будзе прыемнай назад нам дарога — Быццам салдатам з паходу цяжкога. Здасца зямля нам, ад смагі зялёным, Флягай з вадою, балонам з азонам. Здасца яна нам, шчаслівым бясконца, Хлебам ружовым, што выпекла сонца.
Год праз дваццаць ён уразіць касманаўта Пятра Клімука дакладнасцю апісання Зямлі, убачанай з калязямной арбіты.
Наватарства вершаў «Новай кнігі» ў тым, што, аб чым бы ні пісаў паэт, ён глядзіць на праблему вачыма чалавека новай эры, касмічнай, бо Космас для Куляшова — не абстракцыя далёкіх сусветаў, як, скажам, у яго рускіх папярэднікаў, а прастора, якую абжывае чалавек.