Праз дзесяць год ты з'явішся з-за хмары...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Праз дзесяць год ты з'явішся з-за хмары,
Закончыўшы касмічны свой палёт,
А на зямлі, па вылічэнню мары,
Гадоў міне не менш як восемсот.

Не знаю я, што, прыляцеўшы з неба,
Вачыма новых дзён убачыш ты,
А толькі не шукай, шукаць не трэба,
Сярод магільных пліт маёй пліты.

Лепш завяжы любімую хусцінку,
Сатканую з праменняў і нябёс,
I хай нясе цябе, сваю дзяўчынку,
На лёгкіх крыльцах неўміручы лёс.

Нясе на месца тое, дзе спатканне
У нас з табой апошняе было —
Там будзе спачываць маё каханне,
Што без кахання век свой пражыло.