Усім барознам, раўчукам, кюветам...
Усім барознам, раўчукам, кюветам
Вясна свае патокі аддае
Рукою шчодрай. Ды не след у гэтым
Паэзіі браць прыклад ад яе.
Не тысячамі рэчышч свет шырокі
Здзіўляць ёй трэба часам веснавым,
А ўсе свае шумлівыя патокі
Збіраць ашчадна ў рэчышчы адным.
Даць адпачыць прыродзе раскаванай,
Угаманіцца мутным ручаям,
Ракою стаўшы чыстай і люстранай,
Аддаць сябе дубровам і палям.
Каб шчодрай быць не толькі ў дзень вясновы,
А каб жывіць і ўлетку сенажаць,
А каб і ў спёкі час паіць дубровы
I ў час зімовы пра паводкі дбаць.