Ты згасіш сонца, час, але не згіне...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Ты згасіш сонца, час, але не згіне
Наш род людскі — каманда карабля, —
Ён мачтавыя сосны не пакіне,
Пакуль ім будзе палубай зямля.

Ні сковыт сцюж, ні жах абледзянення
Не знішчыць іх, не замяце іх след —
Забраўшы ў трум памершых дрэў насенне,
Мы пад зямлёй надземны створым свет.

Зямлю з арбіты зрушыць наша сіла
У паядынку з чорным небыццём —
Мы паляцім, натхнёныя жыццём,
На пошукі нябеснага свяціла.

Яго святлом растопім вечны лёд
I разняволім рэкі на планеце,
Зямлю засеем, сцвердзіўшы ў сусвеце
Зноў розум свой на міліярды год.