Сцвярджае час: заўжды жыццю на змену...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (4 галасоў)
Сцвярджае час: заўжды жыццю на змену
Прыходзіць смерць,
                                   для ўсіх — адзін закон,
I некалі жыццёвую арэну
Пакіне род людскі на схіле дзён.

Ты клічнік ставіш, час!
                                        А я — пытальнік:
А што, калі закон парушыць той
Мой слаўны род і вынайдзе — стваральнік —
Жывы бялок, што злучыцца з вадой

I дзікаватым племем неўміручым
Расселіцца па ўсіх мацерыках?
А што, калі мы жыць яго навучым,
Свет разумець, хадзіць на дзвюх нагах,
Перададзім сякеру — з рук у рукі,
Перададзім падручнік,
                                        а затым
Усе здабыткі працы і навукі?
...Час,
          паспрабуй тады спрачацца з ім!