Устоіць той, хто варт,
На старт, сябры, на старт!
Юлі Таўбін
Быў кожны з вас адважных стартаў варты,
Шкада, што фініш быў не вартым вас.
Па-рознаму адлегласць паміж стартам
I фінішам нам адмярае час.
Адным, хто доўга жыў, зрабіўшы мала, —
Кароткім падарожжам за труной;
Другім, хто шмат зрабіў, пражыўшы мала, —
Адлегласцю ў бяссмерце даўжынёй.
Нядоўгім быў ваш век, як век падзёнак,
Мае сябры!.. Суровы сівер змёў
Са старту вас. Вы — кнігі без старонак,
Лісты без дрэў, дарогі без слядоў.
Нялёгка мне працягам быць тых самых
Няходжаных шляхоў, быць вартым тых
Спраў абарваных, кніг недапісаных,
Якім не ўзняцца з фінішаў сваіх.