За годам год ляцяць дзесяцігоддзі...
За годам год ляцяць дзесяцігоддзі,
Як дождж, як пыл, як снег на галаву,
На той зямлі, дзе змалку я жыву,
Дзе аддаю, з календаром у згодзе,
Свой час сяўбе гарачай і жніву.
Стаіць ужо, з цапамі і мятлою,
Час малацьбы каля маіх дзвярэй...
I, што ні дзень, да той пары бліжэй,
Калі зямля, як сказана не мною,
Мяне ў свой змрочны прыме маўзалей,
Дзе прагных дрэў старукае карэнне
Абмацвае сляпое сутарэнне,
Шукаючы вады сваім ствалам.
Там буду я, і плён мой будзе там,
Калі не ператворыцца ў насенне,
А пойдзе на спажыву ветракам.