Я з юнацкіх дзён лічуся вязнем...
Tagged:
Я з юнацкіх дзён лічуся вязнем,
Бо зарок з мяне зямля ўзяла —
Я за лёс яе прыкуты ўласным
Ланцугом пакуты да стала.
Я на ўсё жыццё абраў дарогу,
На якой калючак больш, чым руж.
Сэрца — як набат, што б'е трывогу
За мільёны падгарматных душ.
А калі ў смяротным грозным гуле
Упаду я, кінуты на дол
Ранняю хваробай альбо куляй,
I асірачу пісьмовы стол, —
Аб такім не пашкадую лёсе,
Бо, юнацкі помнячы зарок,
Паўтарыў бы зноў, каб давялося,
Я жыццё сваё — за крокам крок.