Не сустракацца мне больш ніколі
Tagged:
Не сустракацца мне больш ніколі З маім маленствам у чыстым полі, З маім юнацтвам у лесе цёмным, З маім ваенным жыццём бяздомным. Па ціхіх вулках, па трактах гулкіх Прайшлі маленства, юнацтва леты I, перакуленыя ў рачулках, Сплылі з вадою на край планеты. Яны ўжо — кропля святла ў сусвеце. А я, не вечны і нецярплівы, Чакаць не згодны, што нехта недзе Праявіць некалі іх негатывы. Мне б хуткасць думкі, бляск уяўлення, Каб мог я словам дагнаць праменне I нечаканым спыніць экранам Гады былыя на вокамгненне. Я б галавою прыпаў ссівелай Тады б да ног іх, ад шчасця плакаў, У чыстым полі паперы белай, У цёмным лесе чарнільных знакаў.