Сасна і бяроза
Tagged:
Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,
Без мудрага троса,
Жывымі рукамі карэнняў сваіх
Сасна і бяроза.
Ад дыму да пары ў пякельных катлах
Судна, паравоза
Прайшлі яны поруч гарачы свой шлях —
Сасна і бяроза.
Лягла на іх плечы цяжарам вайны
Акопная проза:
Служыла салдатам сасна — для труны,
Для крыжа — бяроза.
Знікала з тузоў, гандляваўшых крывёй,
Пыхлівая поза,
Калі перад імі ўстазалі з пятлёй
Сасна і бяроза.
Ад явы крывавай не вынайшлі лек...
I ўзнікла пагроза,
Што могуць пад крыжам закончыць свой век
Сасна і бяроза.
Ужо на насенне, якое ў раллі,
Паглядваюць коса
Аратыя смерці, каб больш не раслі
Сасна і бяроза.
Над імі ракетны ўзрываецца гук
I гул бамбавоза...
А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук
Сасна і бяроза?