Завея лісцяў у сняжынак пух...
Tagged:
Завея лісцяў у сняжынак пух
Перацвітае пад маім наглядам, —
Як быццам я камандую парадам,
Спатканнем дзвюх варожых завірух,
Змаганнем снегападу з лістападам.
Як быццам я ўладар дарог і рэк,
Рэгуліроўшчык каруселі гэтай,
Як быццам не праносіў над планетай
Мяне лістком, сняжынкаю, ракетай
Праз атмасферны ціск суровы век.
Быў пылам я ў імклівым карагодзе
Гадоў, трухой і зернем на таку,
Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,
Забраць мяне з сабой, а я руку
Гарачую працягваю прыродзе —
З дваццатага ў трыццатае стагоддзе.