Пашанцавала тройчы мне...
Пашанцавала тройчы мне,
Я тройчы, выпрастаўшы рукі,
Ляжаў не ў ложку, а ў труне...
Я знаю, што такое мукі.
Пад сэрца ледзь улоўны стук
За хвіляй хвілю адзначала
Хвароба крыжыкамі мук —
I страшным могільнікам стала.
А я, між яваю і сном
Час перабыўшы, ставіў коску —
Цярпліва, як за косткай костку,
Нябыту кідаў дзень за днём.
Адбыўшы восень і зіму,
Я ўстаў, вясны пачуўшы гукі.
Яны гучней чуваць таму,
Хто знае, што такое мукі.
Не горка мне было ў труне
Ляжаць відовішчам маркотным,
А горка, калі свет засне
У хатнім ложку сном смяротным.
Навокал сонца я лячу
Зямлі кругазваротным шляхам,
Лячу, бо я яшчэ хачу
Быць самаго сябе працягам.
Яшчэ адзін, другі віток
Рабі па правілах навукі,
Зямля — жыцця майго выток...
Я зведаў, што такое мукі.
Я нарадзіўся зноў на свет...
Як свет пасля цяжкой хваробы —
Кійком, абмацваючы тропы,
Пішу трывожны запавет.
Пішу: я ўстаў не для таго,
Каб дыхаць пыльным тлом магільным,
А каб, мінаючы яго,
Сачыць за смерцю вокам пільным.
Пішу: я, сведка ўсіх падзей,
Сірочых слёз, вайны, разлукі,
Жадаю шчасця для людзей...
Я знаю, што такое мукі.