Адказ

Яшчэ не ацэнена

Да цябе шляхоў не знаю, да мяне — не знаеш ты,
Лепей нас дарогу знаюць нашы частыя лісты.

Як на фронце адсвяткую перамогі нашай дзень,
Твой лісток не дачытаю, пакладу сабе ў кішэнь.

На машыну скочу тую,
На якой прывезлі ліст,
Разам з ім тады пачую
Колаў стук і ветру свіст.
Я паеду тым жа шляхам,
Па якім ішлі лісты.
Пад сваім далёкім дахам
На адказ чакацьмеш ты.

Я ў акно тваё, дзяўчына, пастучуся ў ранні час,
Ты падумаеш, дзяўчына, што прыйшоў на ліст адказ.

А як глянеш, то адразу
Здагадаешся без слоў,
Што замест майго адказу
Я, нарэшце, сам прыйшоў.